вернуться написать письмо
Адрес: г. Минск, ул. Октябрьская, 5-225      (здание к/з «Минск», 2-й этаж)Оставить запись в гостевой книге

  Вернуться на главную страницу    Главная

   


Будслаў-Мосар-Даўгінава-Удзела

Главная /Фотогалереи наших поездок / Будслаў-Мосар-Даўгінава-Удзела

 

 

 

   

 

 

 

 

 

   

   

Здымкi Яўгена ПЯСЕЦКАГА

 

 

 
 




Прыгажосць святкуе — «змей» адолены

З ТЫСЯЧАГОДДЗЯ Ў ТЫСЯЧАГОДДЗЕ пераходзiць хрысцiянскi вобраз святога, якi вострай дзiдай працiнае магутнага дракона.

Сучаснасць дае падставу ў драконе бачыць зялёнага «змея», а да святой справы выкаранення гэтай бяды з нашага жыцця далучаць намаганнi прыхаджан.

Святую справу супольна робяць жыхары вёскi Мосар i навакольных паселiшчаў, аб’яднаныя настаяцелем рэлiгiйнай абшчыны Парафiя касцёла Святой Ганны, лаўрэатам прэмii «За духоўнае адраджэнне» Юозасам БУЛЬКАЙ.

Пятнаццаць гадоў таму ён быў прызначаны ў гэтую вёску i адразу ж праявiў сябе не толькi як пастыр, але i архiтэктар, садоўнiк.

Старажытны Мосар (згадваецца летапiсамi ў 1514 г.) меў калiсьцi шыкоўны палац накшталт каралеўскай рэзiдэнцыi, былi тут вядомыя таргi, шумныя корчмы. Але такой прыгажосцi кветнiкаў, садочкаў, сажалак — не было тут нiколi. Мосарскiя вернiкi ўсiх канфесiй супольна ўзялiся ўпрыгожваць свае мясцiны, каб гэтае захапленне процiпаставiць, на жаль, распаўсюджанаму захапленню зялёным «змеем» i безгаспадарчасцi месцiчаў.

Хараство i парадак у жытле як спрадвечныя каштоўнасцi былi процiпастаўлены ўсяму, што прынiжае годнасць, разбурае асобу.

У вынiку — алкаголь знiк з побыту вяскоўцаў (яны спадзяюцца, што незваротна). Не п’юць тут нi ў якое свята, нi ў якое гора. Самагонны апарат можна ўбачыць хiба толькi ў невялiчкiм музейчыку побач з касцёлам — зрынуты, кiнуты ён у кут, каб нагадваць прыхаджанам i шматлiкiм турыстам, што прыгажосць заўжды паказвае шлях да ратавання, а зло, у якiм бы выглядзе яно нi з’яўлялася, супольнымi намаганнямi можна адолець.

Юозас Булька ахвотна гутарыць са шматлiкiмi экскурсантамi, якiя наведваюць Мосар, i дае свае парады наконт вырошчвання кветак i змагання супраць алкаголю. Магчыма i вам, шаноўныя чытачы, спатрэбiцца такi фiласофскi падыход, якi параiў паважаны святар, каб зрабiць першы крок да безалкагольных святаў:

— Не садзiце вы ўсiх гасцей за стол i не прымушайце пiць да донца ўслед за кожным тостам! Вы зрабiце, як гэта называюць, «шведскi стол» — хто захоча, той налье, а хтосьцi i не падыдзе да той гарэлкi. Дайце чалавеку выбар, i ён зробiць крок да лепшага.

Яўген ПЯСЕЦКI.

Глыбоцкі раён.

 

БУДСЛАЎСКI ЧАС

Хто ў старажытным Будславе бачыць далей за ўсiх? Вядома ж ён, стары гадзiннiк на высачэзнай вежы старога касцёла.

Бачна яму, як кожную вясну квiтнеюць яблынi ўкруг хат вяскоўцаў, як кожнае лета па рамонкавым лузе крочаць паломнiкi на сустрэчу са святыняй — будслаўскай цудадзейнай iконай, а ўвосень ён бачыць iзноў наступаючыя хмары, якiя абвяшчаюць зыход яшчэ аднаго года ў доўгую чараду стагоддзяў.

Здаецца, што час у Будславе цячэ па сваiх, мясцовых канонах. Дарэчы, так уяўляецца ўсюды, дзе няспешная хада гiсторыi дысанiруе з таропкiм крокам сённяшнасцi. Тут па-ранейшаму, як у даўнiну, спяшаюцца на першае прычасце, гэтак жа як калiсьцi з'язджаюцца з усяго наваколля гаспадары i гаспадынi (балазе што не вазок, а хуткi веласiпед вязе вяскоўца!). Паглядае з вышынi гадзiннiк, а побач з iм майстры перакрываюць дах — час падрамантаваць, каб iзноў у трываласцi i спакоi ўспрымаць няспынную плынь дзён.

Яўген ПЯСЕЦКI.

ДАЎГIНАЎСКIЯ АДЛЮСТРАВАННI

Чэрвеньскую спёку перапынiў дождж.

Ад пачатку дробны, а неўзабаве напорысты i, урэшце, залева-дождж вымыў вёску, пакiнуўшы на дарозе дрыготкiя люстэркi лужын.

Толькi пасля дажджу можна глядзець пад ногi i бачыць нябёсы. Калi глядзiш на даўгiнаўскую зямлю, шмат пазнаўшую, перацярпеўшую за многiя стагоддзi iснавання тут старажытнага паселiшча, то бачыш толькi адлюстраваннi нябёсаў i храма.

Гэта з вышынi двухпавярховага аўтобуса, якi прывёз у Даўгiнава турыстаў, храм бачны на фоне зялёных садочкаў, спраўных сядзiб, а ў люстэрках, пакiнутых дажджом, старыя муры сам-насам з вечным небам.

— Дык вы турысты? — перапытвае прыехаўшая на ровары загарэлая жанчынка, каб яшчэ раз пераканацца, па якой патрэбе незнаёмцы знайшлi яе.

Даўгiнаўцы даўно прызвычаiлiся, што розныя турысты прыязджаюць да iх, каб паглядзець на касцёл, царкву, паслухаць аповяд пра даўнiя часы... Уладзiслава Чабан вялiзнымi старымi ключамi адчыняе для нас браму, i мы трапляем не ў адлюстраванне — у рэальны свет, якi дагэтуль захаваў цеплыню далоняў дойлiдаў позняга класiцызму.

Магчыма, i тыя старажытныя майстры бачылi ў адлюстраваннях пасля залевы гэтыя ж нябёсы, гэтыя ж муры...

Яўген ПЯСЕЦКI.

Матэрыялы газеты "Звязда" 15.06.2005   28.06.2005    07.01.2005